Гiсторыя ўнiверсiтэта

У 50-ыя гады ХХ стагоддзя ў Беларусі, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, адбываліся сацыяльныя змены, якія вызначыліся ў дэмакратызацыі грамадства (асуджэнне культу асобы, 1953; павышэнне ролі мясцовых Саветаў, 1955), пашырэнні самастойнасці рэспублік (новае адміністратыўнае дзяленне, 1954, 1960; зацвярджэнне Гімна, 1955, Сцяга, 1956) і іх выхаду на міжнародную арэну (ЮНЕСКА, 1954).

Змянілася і пашырылася сістэма падрыхтоўкі сярэдняга медыцынскага і ўрачэбнага персаналу. Медыцынскія школы пераўтвараюцца ў вучылішчы (1953), пры іх адчыняюцца завочныя і вячэрнія аддзяленні (1955), курсы павышэння кваліфікацыі (Бабруйск, 1956, Пінск, 1959). Арганізуюцца новыя факультэты: у Віцебскім медінстытуце – фармацэўтычны, 1959, Мінскім – стаматалагічны, 1960, санітарна-гігіенічны і педыятрычны – 1964.

У мэтах развіцця аховы здароўя, забеспячэння падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў і навуковых даследаванняў у заходнім рэгіёне Беларусі (згодна Пастановы Савета Міністраў БССР №541 ад 9 жніўня 1958 года і загадам Міністэрства аховы здароўя БССР №75 ад 14 жніўня 1958 г.) арганізуецца дзяржаўны медыцынскі інстытут у г. Гродна, з прыёмам у 1958/59 навучальным годзе 250 навучэнцаў.

У стварэнні інстытута прынялі ўдзел вучоныя і ўрачы з Расіі, Украіны , Прыбалтыкі, Таджыкістана, Кіргізіі, матэрыяльна-тэхнічную дапамогу аказалі Мінскі і Віцебскі медыцынскія інстытуты. Для ажыццяўлення вучэбнага працэсу прыцягваўся медыцынскі персанал горада Гродна. Арганізацыйную дапамогу і фінансавую падтрымку праводзіла Міністэрства аховы здароўя рэспублікі (так, да прыкладу, у 1963 г. на набыццё абсталявання было выдзелена 134 тыс.рублёў). Мясцовыя органы выканаўчай улады, партыйнае кіраўніцтва рэгіёна прынялі рашэнне па адвядзенні інстытуту памяшканняў, матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, накіраванні кадраў. Першапачаткова выкарыстоўваліся прыстасаваныя будынкі, размешчаныя на Калгаснай плошчы, вуліцах Э. Ажэшкі і К. Маркса. Але ўжо ў 1960 годзе быў пабудаваны першы біялагічны корпус. У далейшым інстытуту перададзены (1974) адміністратыўны корпус тэхналагічнага інстытута (які так і не быў адкрыты ў горадзе). У цяперашні час універсітэт мае 5 вучэбных карпусоў. У апошняе дзесяцігоддзе праводзіцца праца па бягучым і капітальным рамонце памяшканняў клінік і кафедр, у выніку чаго ўніверсітэт паступова набывае сучасны еўрапейскі выгляд.

1 кастрычніка 1958 года ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце пачаліся заняткі (першая лекцыя была прачытана прафесарам з Мінска Д.М. Голубам па анатоміі чалавека), а 15 кастрычніка адбылося першае пасяджэнне Вучонага Савета. У першым вучэбным семестры на 9 кафедрах, што адкрыліся ў інстытуце, працавалі толькі 7 дацэнтаў і кандыдатаў навук, а колькасць супрацоўнікаў не пераўзыходзіла 30. У першы склад кіраўніцтва ўвайшлі Л.Ф. Супрун – рэктар (1958-1962), М.І. Арынчын – прарэктар па навуковай і вучэбнай рабоце (1959-1960), В.І. Гарусін – прарэктар па адміністратыўна-гаспадарчай рабоце (1958-1961), Г.І. Кірылюк – дэкан (1958-1962). Далей, на працягу 36 гадоў (1962-1998) інстытут узначальваў Д.А. Маслакоў. З 1998 рэктарам універсітэта з’яўляецца П.В. Гарэлік.

Да 1964 года колькасць супрацоўнікаў інстытута ўзрасла ў 10 разоў. У гэты час на 34 кафедрах працавалі 170 выкладчыкаў, з іх 9 дактароў і прафесараў, 46 дацэнтаў, 29 кандыдатаў. Пра дынаміку прафесарска-выкладчыцкага складу сведчаць даныя, прадстаўленя ў табліцы №1

Прафесарска-выкладчыцкі склад Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (інстытута)

 

1959

1970

1980

1990

1998

2003

2008

2010

2012

Дактары навук

1

12

26

37

42

39

48

44

45

Прафесары

1

12

24

35

48

39

34

38

38

Кандыдаты навук

12

128

149

201

209

144

163

173

178

Дацэнты

6

54

61

70

106

106

110

111

117

Прафесарска-выкладчыцкі склад Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (інстытута). У 1964 годзе адбыўся першы выпуск 248 урачоў, з якіх 22 атрымалі дыплом з адзнакай. Першыя студэнты, а затым выпускнікі вну, мелі характэрныя сацыяльныя асаблівасці. У асноўным гэта былі асобы з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, якія адслужылі ў Савецкай Арміі, мелі працоўны стаж, іх узрост нярэдка адпавядаў узросту выкладчыкаў. Яны па-асабліваму адносіліся да вучобы, жыцця. Студэнты першых гадоў існавання інстытута ўдзельнічалі ў станаўлені вну, рашэнні матэрыяльна-тэхнічных праблем (рамонт, выраб вучэбных дапаможнікаў і інш.).

Кожнае пакаленне студэнтаў-медыкаў па-свойму фармавала арэол студэнцкай рамантыкі – грамадзянскую пазіцыю: удзел у камсамоле, “бульба”, “дабрачыннае донарства”, “добраахвотная народная дружына”, будатрады, суботнікі, навуковыя гурткі, мастацкая самадзейнасць. Зводны будаўнічы атрад інстытута ў 1970-80-ых гадах быў не толькі лепшым у вобласці, але і ў рэспубліцы. З Сібіры, Карэліі, Малдавіі, Украіны, Таджыкістана прыходзілі толькі пазітыўныя водгукі пра працу студэнтаў ГрДМІ. Працоўныя семестры фармавалі не толькі асобу, але і дазвалялі набыць першы прафесійны медыцынскі вопыт (урачы будатрадаў, медыцынскія атрады).

Інстытут ганарыўся агітбрыгадамі, ВІА, дыхавым аркестрам, дасягненнямі ў індывідуальных (вольная барацьба, дзюдо, гімнастыка) і групавых (валейбол, баскетбол) відах спорта. Сталі добрай традыцыяй агляды мастацкай самадзейнасці курсаў, факультэтаў, дыскатэкі (першая ў горадзе вну, у якой на пачатку 1980-ых гадоў унік клуб “дыскапанарама”). У канцы 90-ых гадоў у інстытуце адрадзіўся КВЗ, сталі праводзіцца конкурсы “Міс-медуніверсітэт”, вечары інтэлектуальных гульняў, студэнтамі дасягнуты поспехі сапраўды аматарскага спорта. Штогод арганізуюцца Дні факультэтаў, якія ўключаюць у сябе студэнцкія канферэнцыі, мультымедыйныя прэзентацыі, прадстаўленне сайтаў, акцыі за здаровы лад жыцця, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты.

У пачатку 1960-ых гадоў узведзены першыя тыпавыя студэнцкія інтэрнаты, а ў сярэдзіне 1980-ы – першы блочны інтэрнат.

Нягледзячы на матэрыяльна-тэхнічныя цяжкасці, Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт мае 4 інтэрнаты. Ажыццёўлены капітальны рамонт аднаго з іх, пачаты – другога. Плануецца будаўніцтва сучаснага блочнага інтэрната. Да 2006 года Гродзенскі медуніверсітэт заставаўся адзінай вну горада, якая поўнасцю забяспечвала пражыванне іншагародніх студэнтў вочнай формы навучання. На жаль, у 2007-2008 гг., у сувязі з павелічэннем набору, пры нязменнай магутнасці інтэрнатаў гэтага зрабіць не змаглі.

Наш універсітэт рэалізоўваў і захоўваў усе лепшыя традыцыі савецкай вышэйшай медыцынскай адукацыі. Звярталася ўвага на прафесійную арыентацыю абітурыентаў. У 1970-1980-я гады пры інстытуце дзейнічаў клуб “юны медык”. У 1970 годзе адчынена падрытоўчае аддзяленне (з 1998 г. – факультэт даінстытуцкай падрыхтоўкі), слухачы якога, здаўшы выпускныя іспыты, залічаліся на адведзеную колькасць месцаў. З 1991 года гэта права адменена, а навучанне на факультэце стала платным. Разам з тым, большая частка слухачоў факультэта становіцца студэнтамі.

У адпаведнасці з зацверджанымі на той час вучэбнымі планамі і праграмамі, ажыццяўлялася падрыхтоўка на лячэбным, а затым (1979) і педыятрычным факультэце. У 1959/60 навучальным годзе ў сістэму вышэйшай медыцынскай адукацыі ўведзена медыцынская практыка, а ў 1970/71 навучальным годзе – субардынатура і інтэрнатура.

За 50 год інстытут-універсітэт падрыхтаваў больш за 16 тыс. урачоў і медсясцёр з вышэйшай адукацыяй, у тым ліку каля 300 замежных грамадзян з 25 краін. Ажно да 1990-ых гадоў набор у інстытут павялічваўся (так, у 1993 годзе выпуск перавысіў 600 чалавек). У далейшым колькасць бюджэнтых месцаў скарацілася. Пры гэтым не паменшылася нарматыўная база аховы здароўя, што ўжо на пачатку ХХІ стагоддзя абвастрыла кадравую праблему, асабліва недастатковую ўкамплектаванасць урачамі сельскіх медыцынскіх арганізацый. У сувязі з гэтым Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у апошнія гады значна павялічыла набор ва ўніверсітэт.

Якасць падрыхтоўкі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце праверана часам: поспехамі студэнтаў на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, дыпломамі за лепшыя студэнцкія навуковыя работы, прызначэннем выпускнікоў на кіруючыя пасады органаў і арганізацый аховы здароўя розных узроўняў, аўтарытэтам у насельніцтва і сфармаваным грамадскім меркаваннем, працай за мяжой у знаных універсітэтах і навуковых цэнтрах.

У 1990-ыя гады ў вну адкрыты новыя, прычым, адзіныя ў рэспубліцы, факультэты: сястрынскі (1991 г. – вочная, 1996 – завочная форма) і медыка-псіхалагічны (1993). Пачата з 1992 года навучанне замежных студэнтаў (у цяперашні час універсітэт займае першае месца па іх колькасці сярод універсітэтаў горада). У апошнія гады значна пашыраны экспарт адукацыйных паслуг. У 2008 годзе арганізуецца медыка-дыягнастычны факультэт, на якім ажыццяўляецца падрыхтоўка па дзвюх спецыяльнасцях “медыка-дыягнастычная справа” і “сястрынская справа”. Ва ўніверсітэце функцыянуе 5 факультэтаў, рыхтуюцца медыцынскія кадры па 5 спецыяльнасцях, а праз клінічную ардынатуру па 33, аспірантуру – 20 спецыяльнасцях. Падрыхтаваны першыя магістранты.

У лістападзе 1999г. – студзені 2000г. студэнты і выкладчыцкі калектыў навучальнай установы вытрымалі акрэдытацыю на статус універсітэта. Праводзяцца мерапрыемствы па павышэнні якасці адукацыі. Ва ўніверсітэце рэалізуецца праект “Нацыянальны падручнік”. Для навучання студэнтаў выдаюцца вучэбныя дапаможнікі па профілях факультэта, падручнікі, падрыхтаваныя выкладчыкамі. Шырокае ўкараненне ў вучэбны працэс атрымалі камп’ютарныя тэхналогіі. Ажыццёўлена камп’ютарызацыя ўніверсітэта, арганізавана электронная зала бібліятэкі, створаны інфармацыйныя банкі даных. Укаранёна трохузроўневая сістэма кантролю ведаў. Распрацаваны крытэрыі адзнак па дысцыплінах. Выкарыстоўваюцца актыўныя формы навучання. Укараняецца кантралюючая самастойная работа. Удасканальваецца тэарэтычная і клінічная падрыхтоўка студэнтаў. Даецца магымасць праходзіць практыку ў Польшчы, Германіі.

Адметна, што вну вяла падрыхтоўку не толькі ўрачоў, але і рыхтавала ўласныя кадры вучоных і выкладчыкаў. У 1967 годзе М.У. Барысюк абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1982 годзе М.Ф. Філіповіч – доктарскую. У 1996 годзе Л.М. Лабанок абраны член-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У 1976 годзе В.П. Андрэеў прызначаны загадчыкам кафедры, у 1987 годзе І.П. Пратасевіч – дэканам, у 1987 г. М.У. Барысюк – прарэктарам па навуковай рабоце, у 1998 г. П.В. Гарэлік – рэктарам. За апошнія дзесяць гадоў адбылася змена пакаленняў, супрацоўнікамі ўніверсітэта абаронена больш за 20 доктарскіх і 90 кандыдацкіх дысертацый. У цяперашні час кіраўніцтва ўніверсітэта і кафедр пераважна складаюць выпуснікі вну, а па колькасці асоб з навуковай ступенню Гродзенскі дзяжаўны медыцынскі ўніверсітэт займае вядучае месца ў рэспубліцы. На працягу ўсёй гісторыі ўніверсітэта адбывалася станаўленне і развіццё навуковых даследаванняў. З 1960 года штогадовымі сталі навуковыя канферэнцыі супрацоўнікаў і студэнтаў. У інстытуце (універсітэце) арганізоўваліся і праводзіліся міжнародныя, усесаюзныя і рэспубліканскія з’езды і іншыя навуковыя формы па разнастайных медыцынскіх спецыяльнасцях і праблемах. Першымі з іх сталі сімпозіумы па фізіялогіі (1964), вітаміналогіі (1966). Бібліятэка ўніверсітэта ўвесь час папаўняецца зборнікамі навуковых прац і манаграфіямі выкладчыкаў навучальнай установы.

У 1960 годзе адчынена Цэнтральная навукова-даследчая лабараторыя. У цяперашні час у медуніверсітэце функцыянуе 4 лабараторыі. Ва ўніверсітэце сфармаваліся навуковыя школы хірургаў, педыятраў, біяхімікаў, гістолагаў і інфекцыяністаў.

У 1970 годзе на базе медінстытута арганізаваны аддзел рэгуляцыі абмену рэчываў, з 1985 – Інстытут біяхіміі Нацыянальнай акадэміі Беларусі. У сярэдзіне 1990-ых гадоў функцыянавалі 4, а ў цяперашні час адзін савет па абароне дысертацый. Пяць прафесароў інстытута-ўніверсітэта маюць званне “Заслужаны дзеяч навукі” Беларусі. Чатыры прафесары ўніверсітэта з’яўляюцца член-карэспандэнтамі Беларускай АМН. Вучоныя ўніверсітэта абраны таксама ў акадэміі Расіі, Еўропы, ЗША. Усталявана творчае супрацоўніцтва з вучэбнымі і навуковымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі. Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт уключаны ў Асацыяцыю балтыйскіх універсітэтаў.

Неад’емнай часткай дзейнасці Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (інстытута) з’яўляецца клінічная праца. Дзякуючы вучоным вну, укаранёны ў практыку аховы здароўя сучасныя і новыя метады абследавання, лячэння і рэабілітацыі. Бясспрэчна, праца клініцыстаў у многім вызначае поспехі аховы здароўя Гродзенскай вобласці, якая лічыцца адной з лепшых у рэспубліцы Тры выкладчыкі ўніверсітэта маюць званне “Заслужаны ўрач Беларусі”.

З 1993 года ў навучальнай установе выдаецца штомесячная газета “Эскулап”. У 2003 годзе пачалося выданне штоквартальнага медыцынскага часопіса. У 2000 г. зацверджаны статут, герб, а ў 2006 г. – гімн універсітэта. З’явіліся календары, нататнікі, вымпелы, значкі, майкі з лагатыпам і гербам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У 2000 годзе зацверджана званне Doctor honoris causa Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якое прысвоена мітрапаліту Філарэту, а таксама вядомым прафесарам з Беларусі, Украіны, Польшчы, Германіі. Універсітэт наведалі знакамітыя дзеячы дзяржаўнага кіравання, рэлігіі, навукі, культуры, міжнародныя паслы.

Установа адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт” – першая з медыцынскіх вну Рэспублікі Беларусь, у якой была ўкаранёна і сертыфікавана сістэма менеджменту якасці, якая адпавядае патрабаванням ISO 9001 у нацыянальнай (СТБ ISO 9001-2009) і нямецкай (DIN EN 9001-2008) сістэмах.

Наперадзе ў студэнтаў і калектыву выкладчыкаў, супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта адказная праца па ўдасканаленні ўсіх бакоў вучэбнай, навуковай і клінічнай дзейнасці ў адпаведнасці з сучаснымі еўрапейскімі падыходамі і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.