Літаратурны клуб "Катарсіс"
Дваццаць першае стагоддзе – час не толькі прагматычных тэхнакратаў і нанатэхналогій, але і век паэтаў, мастакоў, музыкаў. Нягледзячы на пэўныя пярэчанні скептыкаў, сучасны чалавек не можа існаваць без духоўнай падтрымкі, без мастацтва, літаратуры. І трэба ўсяляк заахвочваць, асабліва маладых людзей, імкнуцца да прыгожага.
У 1999 годзе сабраліся ў аўдыторыі Гродзенскага медыцынскага інстытута сямёра студэнтаў і два выкладчыкі і вырашылі стварыць літаратурны клуб, каб было дзе апрабіраваць свае вершы і прозу, паслухаць іншых, падзяліцца сваімі меркаваннямі па розных літаратурных пытаннях. Так нарадзіўся літаратурны клуб “Катарсіс”. А ўжо праз год на пасяджэнні збіралася больш за 20 чалавек. Неўзабаве выдалі і свой першы зборнік вершаў “Вечные каникулы”. Так пачыналася гісторыя клуба. Сёння “Катарсіс” налічвае больш за 40 паэтаў і празаікаў з ліку студэнтаў і выкладчыкаў ГрДМУ. Але часта прыходзяць са сваімі творамі, або дасылаюць па пошце на рэцэнзію і аўтары з іншых устаноў горада і рэспублікі. У 2008 годзе сіламі клуба і пры падтрымцы кіраўніцтва УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт” быў выдадзены зборнік вершаў і прозы “Гіпакратавы ваганты”, на старонках якога змясціліся творы 50 аўтараў Прыемна адзначыць і іншыя дасягненні клуба, хаця гэта ніколі не ставілася за самамэту. У 2010 годзе літаратурны клуб “Катарсіс” быў узнагароджаны Ганаровым дыпломам Гродзенскага абласнога цэнтра народнай творчасці за плённую літаратурную і выхаваўчую дзейнасць. Студэнтка лячэбнага факультэта Аліна Рубель стала пераможцай Гродзенскага гарадскога конкурса “Студэнцкая вясна – 2011” у намінацыі “Аўтарскі верш”. Кіраўнік клуба Віктар Варанец у 2009 годзе перамог на на рэспубліканскім конкурсе апавяданняў, які праводзіла газета “Звязда”, а ў 2011 годзе заняў 2-е месца ў абласным конкурсе мастацкай самадзейнасці работнікаў аховы здароўя ў намінацыі “Аўтарскі верш”. Сябры клуба часта выступаюць як у сценах роднага ўніверсітэта, так і ў іншых установах і арганізацыях Гродна. Падтрымліваюцца цесныя сувязі з музеем Максіма Багдановіча. У газеце УА “Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт” “Эскулап” выходзіць літаратурная старонка, ёсць стэнд “Катарсіс,” на якім змешчаны творы нашых аўтараў. Створаны і аматарскі відэафільм пра дзейнасць клуба “Катарсіс”, які з цікавасцю глядзяць студэнты і школьнікі.
Клуб “Катарсіс” працягвае сваё існаванне. Зараз ідзе апрацоўка матэрыялаў да новага зборніка клуба, папоўніліся рады таленавітымі першакурснікамі, рэалізуюцца новыя планы і задумкі. Хацелася б звярнуцца да ўсіх жадаючых усталяваць кантакт з нашым клубам. Пішыце на адрас v.i.voronets@gmail.com. Мы заўсёды рады новым сябрам!
Кіраўнік літаратурнага клуба “Катарсіс” Варанец Віктар Іванавіч




