Літаратурны клуб «Катарсіс»

Дваццаць першае стагоддзе – час не толькі прагматычных тэхнакратаў і нанатэхналогій, але і век паэтаў, мастакоў, музыкаў. Нягледзячы на пэўныя пярэчанні скептыкаў, сучасны чалавек не можа існаваць без духоўнай падтрымкі, без мастацтва, літаратуры. І трэба ўсяляк заахвочваць, асабліва маладых людзей, імкнуцца да прыгожага.

У 1999 годзе сабраліся ў аўдыторыі Гродзенскага медыцынскага інстытута сямёра студэнтаў і два выкладчыкі і вырашылі стварыць літаратурны клуб, каб было дзе апрабіраваць свае вершы і прозу на слухачах, паслухаць іншых, падзяліцца меркаваннямі па розных літаратурных пытаннях. Так нарадзіўся літаратурны клуб «Катарсіс». А ўжо праз год на пасяджэнні збіралася больш за 20 чалавек. Неўзабаве выдалі і свой першы зборнік вершаў «Вечные каникулы». Так пачыналася гісторыя клуба.

Сёння «Катарсіс»  - адно з наймацнейшых і найвядомейшых літаратурных аб’яднанняў у Беларусі. У яго склад уваходзяць як студэнты, так і выкладчыкі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Досыць часта прыходзяць са сваімі творамі, або дасылаюць па пошце на рэцэнзію і аўтары з іншых устаноў горада і рэспублікі. За дваццаць гадоў свайго існавання сіламі клуба і прыпадтрымцы кіраўніцтва УА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» былі выдадзены калектыўныя зборнікі вершаў і прозы “Гіпакратавы ваганты, “Вечар пятніцы”. Гатовы да выдання чацвёрты зборнік “Менестрэлі Асклепія”. Свае творы сябры клуба друкуюць на старонках газет “Эскулап”, “Вячэрні Гродна”, у часопісе “Маладосць”.

Актыўна ўдзельнічаюць нашы паэты і празаікі ў розных літаратурных конкурсах. І робяць гэта паспяхова. Так, пачынаючы з 2012 года мы прымаем удзел у самым прэстыжным Рэспубліканскім літаратурным конкурсе «Аўтограф» сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Конкурс праводзіцца раз на два гады. Такім чынам, за чатыры апошнія конкурсы нашы літаратары набылі дзесяць першых месцаў, чатыры другія і пяць трэціх у намінацыях “Паэзія”, “Проза”, “Публіцыстыка”.

Праводзім мы штогод адкрыты літаратурны конкурс клуба «Катарсіс», у якім удзельнічаюць паэты і празаікі з розных куткоў Беларусі, а таксама з Польшчы, Германіі. Сябры клуба часта выступаюць як у сценах роднага ўніверсітэта, так і ў іншых установах і арганізацыях Гродна. Падтрымліваюцца цесныя сувязі з музеем Максіма Багдановіча. Наладжана супрацоўніцтва з Гродзенскімі аддзяленнямі Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Створаны і аматарскі відэафільм пра дзейнасць клуба «Катарсіс», які з цікавасцю глядзяць студэнты і школьнікі.

Клуб «Катарсіс» працягвае сваё існаванне. Штогод нашы рады папаўняюць таленавітыя першакурснікі, рэалізуюцца новыя планы і задумкі. Хацелася б звярнуцца да ўсіх жадаючых усталяваць кантакт з нашым клубам. Пішыце на адрас katarsis@grsmu.by. Мы заўсёды рады новым сябрам!

Кіраўнік літаратурнага клуба «Катарсіс»

Варанец Віктар Іванавіч