Идеологическая и воспитательная работа Пресс-центр Новости

Мелодыя роднай мовы. У ГрДМУ адбылася традыцыйная дыктоўка, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы

20 февраля 2026 — 14:50

Традыцыйная беларускамоўная дыктоўка, прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, адбылася сёння ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. У штогадовай акцыі прынялі ўдзел не толькі студэнты, але і выкладчыкі, і супрацоўнікі ўніверсітэта. Усяго да дыктоўкі далучыліся амаль 50 чалавек.

– 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. І сёння, напярэдадні гэтай даты, у нашым універсітэце выкладчыкі, студэнты і навукоўцы далучаюцца да агульнабеларускай акцыі, – адзначыў прарэктар па навуковай рабоце Міхаіл Мікалаевіч Курбат. –Мы разам пішам гэты дыктант, каб адчуць прыемнасць беларускай мовы, аддаць павагу нашай Радзіме. Як вядома, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы. Але, нягледзячы на тое, што большасць насельніцтва размаўляе па‑руску, менавіта беларуская мова з’яўляецца нашай матчынай. Вядома, што беларуская мова прызнана ЮНЕСКА адной з самых меладычных у свеце.

У гэтым годзе дыктоўка была прысвечана яшчэ і Году беларускай жанчыны. Таму яе ўдзельнікі пісалі паэтычны тэкст Алеся Звонака «Беларускія жанчыны».

– Студэнты і выкладчыкі нашага ўніверсітэта штогод далучаюцца да напісання дыктоўкі на беларускай мове. Беларуская мова – гэта наш скарб, гэта тое, што вылучае нас, гэта тое, што мы павінны захаваць, – расказала загадчык кафедры рускай і беларускай моў Алена Пятроўна Пусташыла. – І нездарма наша мова такая меладычная, шчырая, пяшчотная: менавіта ў ёй адлюстравана душа беларускага народа. І толькі ад нас, беларусаў, залежыць яе існаванне і развіццё. Таму мы лічым, што такія мерапрыемствы, якія садзейнічаюць папулярызацыі роднай мовы, з’яўляюцца вельмі важнымі і актуальнымі на сённяшні дзень.

Да напісання дыктоўкі сёння далучылася і студэнтка 1 курса лячэбнага факультэта Лізавета Урублеўская. Яна ўпершыню прымае ўдзел у такім маштабным мерапрыемстве і прызнаецца, што гэта вельмі важна для яе.

– Удзел у рэспубліканскай дыктоўцы – гэта не проста праверка пісьменнасці. Гэта важны крок да будучыні. Мне, як будучаму ўрачу, у працы прыйдзецца сустракацца з рознымі пацыентамі, і я хачу гаварыць з імі на адной мове. Таксама я хачу праверыць свае веды роднай мовы, зрабіць іх яшчэ лепшымі, – сказала Лізавета.

Традыцыйна пасля напісання дыктоўкі тэкст выводзіцца на экран. Так кожны ўдзельнік можа сам ацаніць свае веды, праверыць, ці ёсць памылкі, і проста яшчэ раз атрымаць асалоду ад прыгажосці кожнага слова роднай мовы.

Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю

Фота: Таццяна Вялёнда

 

Назад