Пресс-центр Новости

ГрДМУ далучыўся да рэспубліканскай дыктоўкі «Дзень народнага адзінства»

16 сентября 2025 — 12:15

Рэспубліканская дыктоўка, прымеркаваная да Дня народнага адзінства, як і іншыя ўсебеларускія акцыі, па добрай традыцыі атрымала значны водгук сярод моладзі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Удзел у дыктоўцы прынялі студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта.

Дыктарам рэспубліканскага дыктанта стаў Андрэй Максімаў — акцёр рэкламы і кіно, дыктар, вядучы і блогер.

– Дзень народнага адзінства – гэта вялікае дзяржаўнае свята, свята кожнага з нас. Сёння, напярэдадні Дня народнага адзінства, беларускія студэнты і школьнікі далучаюцца да напісання рэспубліканскай дыктоўкі, – казаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў дыктоўкі, Андрэй Максімаў.

Галоўны пасыл дыктоўкі заключаны ў тым, каб яшчэ раз пачуць родную мову, напісаць словы на ёй і ацаніць свае веды.

У сённяшней акцыі удзел прыняла і студэнтка 2 курсу медыка-дыягнастычнага факультэта Аляксандра Пасажэннікава. Яна адзначыла, што падобныя мерапрыемствы з’яўляюцца важнай ініцыятывай, якая аб’ядноўвае і гуртуе ўсіх удзельнікаў.

Яшчэ адзін удзельнік рэспубліканскай дыктоўкі, студэнт 2 курсу медыка-дыягнастычнага факультэта Аляксей Сцянько, падзяліўся сваімі думкамі:

– Дзень народнага адзінства – гэта важнае свята для ўсёй нашай краіны. Ён аб’ядноўвае народ і дэманструе наш унутраны стрыжань, які дапамагае трымацца разам. Без такога адзінства не было б ні нашай зямлі, дзе нарадзіліся нашы продкі, ні нас саміх, ні нашай самабытнасці. Лічу, што ў гэты дзень мы павінны шанаваць традыцыі і перадаваць іх з пакалення ў пакаленне.

Кіраўніцтва ГрДМУ таксама далучылася да напісання рэспубліканскай дыктоўкі. Па словах прарэктара па навуковай рабоце Міхаіла Мікалаевіча Курбата, удзел у маштабных рэспубліканскіх акцыях — гэта агульны абавязак:

– Медыцынскія работнікі заўсёды стаялі ля вытокаў развіцця беларускай мовы. Вядома мноства знакамітых дактароў, уключаючы тых, хто адукаваў Беларусь у XVIII–XIX стагоддзях. Самае прыгожае, што сёння мы захоўваем нашу мову як абавязковы атрыбут кожнай дзяржавы. Таму наш універсітэт з радасцю ўдзельнічае ва ўсіх падобных акцыях і спадзяецца паказаць высокі вынік.

У Беларусі да Дня народнага адзінства прымеркавана вялікая колькасць грамадска-палітычных і патрыятычных мерапрыемстваў. Шэраг мерапрыемстваў пройдзе і ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Матэрыял падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю

Фота: Таццяна Вялёнда

 

Назад