Канец 80-х – пачатак 90-ых гадоў мінулага стагоддзя, апроч рознага роду палітычных і эканамічных катаклізмаў, выплеснуў на паверхню нашага грамадства і неверагодную колькасць так званых наваяўленых “псіхатэрапеўтаў”. Іх з’яўленне не было нечаканым: развал некалі, здавалася, непахіснай дзяржавы, знішчэнне духоўных ідэалаў, страта эканамічнай стабільнасці – усё гэта моцна паўплывала на псіхіку звычайнага абывацеля. Што з поспехам і скарысталі рознага роду шарлатаны, актыўна пачаўшы з тэлеэкранаў, у вялікіх залах і на стадыёнах прадказваць будучыню, зараджаць ваду і аздараўляць “лячэбным” гіпнозам.

А вось сапраўдных, прафесійных спецыялістаў у галіне псіхічнага здароўя ў нашай краіне на той час практычна не было. Такая сітуацыя не магла працягвацца доўга.

Першым за вырашэнне праблемы падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне псіхічнага здароўя на Беларусі ўзяўся Уладзімір Сямёнавіч Васільеў, які на той час займаў пасаду першага прарэктара ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце. Чалавек перадавых поглядаў, ён добра разумеў усю перспектыўнасць стварэння факультэта з псіхалагічным ухілам. Тым больш, што пэўныя напрацоўкі ў гэтай справе ўжо былі. Плённа працавала ў інстытуце кафедра псіхіятрыі, якую ўзначальваў Обухаў Генадзь Аляксеевіч. Менавіта пры гэтай кафедры быў створаны курс агульнай псіхалогіі, дзе пачыналі працаваць першыя выкладчыкі і навучацца першыя студэнты медыка-псіхалагічнага факультэта.

Калі Уладзімір Сямёнавіч звярнуўся ў Міністэрства аховы здароўя з абгрунтаванымі прапановамі аб адкрыцці медыка-псіхалагічнага факультэта, ён адразу ж знайшоў паразуменне сярод кіраўнікоў міністэрства. Вялікую ролю ў станоўчым вырашэнні пытання адыграла, безумоўна, Чарнобыльская трагедыя. Беларусы вельмі моцна адчулі яе наступствы, звязаныя з псіхасаматычнымі захворваннямі, шматлікімі стрэсамі. Таму грамадства адчувала вялікую патрэбу ў медыцынскіх псіхолагах, псіхатэрапеўтах, псіхіятрах і нарколагах.

У красавіку 1993 года было прынята рашэнне аб стварэнні медыка-псіхалагічнага факультэта. У гэтым жа годзе адбыўся і першы набор студэнтаў. Спачатку факультэт існаваў у якасці аддзялення пры педыятрычным факультэце, які на той час узначальваў Міхаіл Міхайлавіч Пяткевіч, затым Генадзь Рыгоравіч Мармыш і далей Канстанцін Усцінавіч Вільчук. У гэты ж час абылася яшчэ адна значная падзея ў станаўленні маладога факультэта. Творчая група аднадумцаў у асобе Карпюк Валянціны Аляксееўны, Мельнікава Андрэя Мікалаевіча, якую ўзначаліла прафесар Каралёва Алена Рыгораўна, пачала плённую работу па стварэнні кафедры медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі. Справа была досыць складанай, бо для фарміравання кафедры неабходны новыя праграмы і дысцыпліны: псіхасаматыка, патапсіхалогія, медыцынская псіхалогія, дэанталогія, нейрапсіхалогія і інш. Але ўпартая праца дала свой пазітыўны плён: у 1995 годзе ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце адкрылася першая і адзіная сярод усіх медыцынскіх вну кафедра медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі. Лагічна, што і першай загадчыцай кафедры стала прафесар Каралёва Алена Рыгораўна. З 1 верасня 1998 года аддзяленне набыло статус самастойнага факультэта. Першым дэканам медыка-псіхалагічнага факультэта стала Шамава Таццяна Міхайлаўна, якая паспяхова працавала на гэтай пасадзе да 2006 года. У 2006 годзе медыка-псіхалагічны факультэт узначаліла Карпюк Валянціна Аляксееўна, а з 2010 на пасадзе дэкана МПФ зноў пачала працаваць Шамава Таццяна Міхайлаўна.

Факультэт аб’ядноўвае шэсць кафедр: медыцынскай псіхалогіі і псіхатэрапіі, неўралогіі і нейрахірургіі, псіхіятрыі і наркалогіі, кафедру псіхалогіі і педагогікі, 2-ую кафедру хірургічных хвароб, 2-ую кафедру ўнутраных хвароб, кафедру медыцынскай рэабілітацыі. На кафедрах працуе больш за 40 выкладчыкаў.

Медыка-псіхалагічнаму факультэту – 20 год! За часы існавання факультэта было зроблена 15 выпускаў студэнтаў агульнай колькасцю 699 чалавек. З іх 55 закончылі ўніверсітэт з адзнакай. Абралі спецыяльнасць псіхіятра 230 чалавек, нарколага – 63, псіхіятра-нарколага – 220, псіхатэрапеўты – 91, урачы-псіхолагі – 44, дзіцячыя псіхіятры – 4, дзіцячыя псіхіятры-нарколагі – 2, судовыя псіхіятры – 7, свабоднае размеркаванне – 10.

Многія выпускнікі прадоўжылі навучанне ў аспірантуры і клінічнай ардынатуры на кафедрах факультэта.

Каля 25% выпускнікоў факультэта з’яўляюцца кіраўнікамі структурных падраздзяленяў псіхіятрычных і наркалагічных устаноў аховы здароўя.