Літаратурны клуб «Катарсіс»

Дваццаць першае стагоддзе – час не толькі прагматычных тэхнакратаў і нанатэхналогій, але і век паэтаў, мастакоў, музыкаў. Нягледзячы на пэўныя пярэчанні скептыкаў, сучасны чалавек не можа існаваць без духоўнай падтрымкі, без мастацтва, літаратуры. І трэба ўсяляк заахвочваць, асабліва маладых людзей, імкнуцца да прыгожага.

У 1999 годзе сабраліся ў аўдыторыі Гродзенскага медыцынскага інстытута сямёра студэнтаў і два выкладчыкі і вырашылі стварыць літаратурны клуб, каб было дзе апрабіраваць свае вершы і прозу на слухачах, паслухаць іншых, падзяліцца меркаваннямі па розных літаратурных пытаннях. Так нарадзіўся літаратурны клуб «Катарсіс». А ўжо праз год на пасяджэнні збіралася больш за 20 чалавек. І ў 2000 годзе выдалі свой першы зборнік вершаў «Вечные каникулы». Так пачыналася гісторыя клуба.

Сёння «Катарсіс»  - адно з наймацнейшых і найвядомейшых літаратурных аб’яднанняў у Беларусі. У яго склад уваходзяць як студэнты, так і выкладчыкі Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Досыць часта прыходзяць са сваімі творамі або дасылаюць па пошце на рэцэнзію і аўтары з іншых навучальных устаноў горада і вобласці. За час свайго існавання сіламі клуба і пры падтрымцы кіраўніцтва УА «Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» былі выдадзены калектыўныя зборнікі вершаў і прозы “Гіпакратавы ваганты”, “Вечар пятніцы”, “Менестрэлі Асклепія”. Свае творы сябры клуба друкуюць на старонках газет “Эскулап”, “Вячэрні Гродна”, “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Маладосць”.

Актыўна ўдзельнічаюць нашы паэты і празаікі ў розных літаратурных конкурсах. І робяць гэта паспяхова. Так, пачынаючы з 2012 года мы прымаем удзел у самым прэстыжным Рэспубліканскім літаратурным конкурсе «Аўтограф» сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. Конкурс праводзіцца раз на два гады. За пяць апошніх конкурсаў нашы літаратары набылі трыццаць адну ўзнагароду ў намінацыях “Паэзія”, “Проза”, “Публіцыстыка”.

Праводзім мы штогод адкрыты літаратурны конкурс клуба «Катарсіс», у якім удзельнічаюць паэты і празаікі з розных куткоў Беларусі, а таксама з Польшчы, Германіі. Сябры клуба часта выступаюць як у сценах роднага ўніверсітэта, так і ў іншых установах і арганізацыях Гродна. Падтрымліваюцца цесныя сувязі з музеем Максіма Багдановіча, абласной бібліятэкай імя Я.Карскага. Клуб штогод праводзіць розныя квэсты: “Літрэкс”, “Літаратурны Гродна”, “У пошуках рыфмы” і інш. Наладжана супрацоўніцтва з Гродзенскімі аддзяленнямі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Створаны некалькі відэафільмаў пра дзейнасць клуба «Катарсіс», які з цікавасцю глядзяць студэнты і школьнікі.

 

Клуб «Катарсіс» працягвае сваё існаванне. Штогод нашы рады папаўняюць таленавітыя першакурснікі, рэалізуюцца новыя планы і задумкі. Хацелася б звярнуцца да ўсіх жадаючых усталяваць кантакт з нашым клубам. Пішыце на адрас katarsis@grsmu.by. Мы заўсёды рады новым сябрам!

Кіраўнік літаратурнага клуба «Катарсіс»

Варанец Віктар Іванавіч