Студентам Студенческая жизнь Літаратурны клуб «Катарсіс» Творы сяброў літаратурнага клуба «Катарсіс» Празаічныя творы

Віктар Варанец

ДАВЫД І ТАМПЛІЕРЫ

         Кожны дзень, пасля ранішняй малітвы, кароль Францыі Філіп IV Прыгожы выходзіў на ранішні праменанд па палацавым парку. Кампанію яму заўсёды складаў ахоўнік пячаткі і канцлер каралеўства маркіз дэ Гійём дэ Нагарэ. У час прагулкі маркіз знаёміў караля з апошнімі навінамі, плёткамі і падзеямі ў дзяржаве.

         Так было і гэтым разам. Кароль няспешна вандраваў па алеях парка, а дэ Нагарэ, трымаючы ў руках невялічкі нататнік, манатонна бубніў:

         - У Ліёне, Ваша Вялікасць, пачаліся галодныя бунты. Насельніцтва разбівае лаўкі, склады, рабуе арыстакратыю.

         - Паслаць салдат і пакараць усіх, - спакойна адрэагаваў Філіп і дадаў: - Жорстка пакараць.

         - Слухаюся, Ваша Вялікасць! – канцлер тут жа зрабіў паметку ў кніжачцы і працягваў:

         - У мадам Лорэнс сёння ўсю ночь гарэла святло, чуўся мужчынскі голас.

         Кароль рэзка спыніўся і з зацікаўленым выглядам павярнуўся да дарадцы.

         - Так, і хто гэта быў?

         - Ваша Вялікасць, - саветнік апусціў вочы долу, - па маіх звестках гэта быў Ваш сын Людовік.

         - Ага, - узрадавана ўсклікнуў Філіп, - значыць, хлопчык падрос. Цудоўна! Перадайце мадам Лорэнс, каб з поўнай адказнасцю аднеслася да ганаровых візітаў нашчадка трона і навучыла яго ўсяму, што сама ўмее. А ўмее яна шмат, гэта я дакладна ведаю. І аддайце ёй вось гэты пярсцёнак.

         Філіп сцягнуў з пальца пярсцёнак з вялікім, як галубінае яйка, каштоўным каменем і працягнуў дэ Нагарэ.

         - Будзе зроблена, мой кароль! – з паважнасцю запэўніў канцлер, узяўшы падарунак.

         - Ну, што там яшчэ засталося? – запытаў кароль.

         - Вашай аўдыенцыі просіць нейкі чалавек па імені Жан-Клод.

         - Хто ён і што яму трэба?

         - Ён асуджаны на смерць за забойствы і разбой. Кажа, што валодае звесткамі асаблівай дзяржаўнай важнасці, але сказаць можа толькі асабіста каралю.

         - І вы, Нагарэ, лічыце, што гэта варта маёй увагі?

         - Так, мой кароль. Я размаўляў з гэтым чалавекам і перакананы, што ён не падманвае. Гэта дзяржаўная справа.

         - Што ж, прывядзіце яго да мяне, калі так трэба для маёй дзяржавы. Паглядзім. А сын малайчына! Гэта трэба ж, адразу з Лорэнс пачаў. Ах, сцярвец..!

         Злачынцу прывялі да Філіпа позна ўвечары. Высокі, шыракаплечы, з вялікай блізнай праз левую шчаку, ён выклікаў адчуванне міжвольнага страху, хаця рукі і ногі былі скаваны металічнымі ланцугамі. Скураны рэмень шчыльна ахопліваў шыю, а ад яго цягнулася доўгая вяроўка, канец якой моцна трымаў вартаўнік. Убачыўшы Філіпа, чалавек упаў на калені, крануўшы падлогу лбом.

         - Падыміся! – загадаў кароль. – Я слухаю цябе.

         Чалавек цяжка ўзняўся, адкінуў з вачэй доўгія валасы і пачаў гаварыць:

         - Ваша Вялікасць! Месяц назад мяне пасадзілі ў камеру смяротнікаў, дзе ўжо чакаў прысуду адзін чалавек. Паколькі назаўтра яго збіраліся казніць, гэты чалавек папрасіў іспаведаваць яго.

         - Ты святар? – са здзіўленнем запытаў Філіп.

         - Дазвольце, Ваша Вялікасць, - умяшаўся ў размову канцлер. - Паводле законаў Францыі асоба, здзейсніўшая цяжкае злачынства, не дапускаецца да царкоўнага прычасця і святой споведзі. Таму злачынцы слухаюць адзін аднаго.

         Філіп задаволена кіўнуў галавой.

         - Дык вось, - працягваў злачынца, - гэты чалавек уваходзіць у Ордэн тампліераў і расказаў мне шмат страхаў. Рыцары Ордэна плануюць грандыёзны загавар супраць манархій Італіі, Іспаніі і Францыі. Прычым, Францыя стаіць у гэтым спісе першай. Ордэн, валодаючы вялікімі фінансавымі магчымасцямі, праз крэдыты, хабар і подкупы сёння кантралюе  палову шляхецкіх родаў у еўрапейскіх краінах. Рыцары-храмоўнікі плануюць пасадзіць на трон людзей з Ордэна, такім чынам стварыўшы ў будучым адзіную імперыю Ордэна тампліераў.

         - А ці не брэша твой сакамернік? – недаверліва запытаў Філіп.

         - Перад смерцю няма сэнсу падманваць, Ваша Высокасць, - адказаў смяротнік.- Вы б паслухалі, што ён расказваў пра свой удзел у гэтых злачынных планах. “Кароль ад Бога, - казаў ён. – Значыць, я выступаю супраць Бога”.

         - Добра, - прыпыніў яго кароль. – Я ўсё зразумеў. За вернасць каралю і карысную інфармацыю я вызваляю цябе ад турмы і даю кашэль з грашыма.

         Адпусціўшы злачынцу, Філіп надоўга задумаўся. Дэ Нагарэ моўчкі стаяў за  крэслам, ледзь прыкметна ўсміхаючыся.

         - Што вы думаеце, маркіз, з гэтае нагоды? – перарваў цішыню кароль.

         - Ваша Вялікасць, - канцлер стаў перад манархам, - сам Бог паслаў нам гэтую навіну. Тампліеры і сапраўды разбэсціліся. Да мяне ўвесь час даходзіць інфармацыя, што храмоўнікі крадуць дзяўчат і хлопцаў для сваіх плоцкіх оргій, займаюцца варажбой і спірытызмам. Яны зусім забыліся пра пана Бога, якому кляліся служыць.

         - Ці пачулі Вы галоўнае, дэ Нагарэ? – раздражнёна перапыніў яго кароль. – Яны пасягаюць на манархічную ўладу! Вось што ёсць сапраўднае злачынства!

         - Я гэта чуў, Ваша Высокасць. Але Ордэн знаходзіцца пад патранажам Рыма, і нам спатрэбяцца важкія аргументы для папы Клімента V. У дзяржаўны пераварот ён не захоча паверыць. А вось распуцтва, ерась і крадзеж грошай, прызначаных Рыму, – сур’ёзныя аргументы для папы.

         - А што, мы таксама пазычалі ў тампліераў? – больш спакойным голасам запытаў Філіп.

         - Так, мой кароль, і досыць шмат…

         - З Ордэнам трэба канчаць! – вынес канчатковы вердыкт Філіп.        Канцлер задаволена прыплюшчыў вочы.

         Увечары ў дзверы каралеўскай спальні ціхенька пастукалі. А праз імгненне на парозе з’явілася каханка караля графіня Жаклін дэ Кляўе. Яна была апранута ў кароткую рымскую туніку ярка-чырвонага колеру, якая ўдала падкрэслівала боскую фігуру жанчыны.

         - Ці дазволіць мой уладар пажадаць яму добрай ночы? – прамурлыкала яна.

         Філіп моўчкі кіўнуў галавой. Жаклін імгненна скінула туніку і няспешна пакрочыла да каралеўскага ложка, ніколькі не саромеючыся нагаты. Яна села каля караля, па-усходняму падціснуўшы пад сябе ногі, і пачала пяшчотна гладзіць Філіпа па валасах, шыі, грудзях, наўмольна кіруючыся да каралеўскай плоці. Але Філіп ніяк не рэагаваў на гэтыя заляцанні. Ён думаў.

         - Мой уладар чымсьці занепакоены? – графіня пацёрлася шчочкай аб калена караля.

         - Што Вы скажаце пра рыцараў-храмоўнікаў, мадам? – неспадзявана  запытаў Філіп.

         - Фі, мужланы, збачэнцы, праўда, вельмі і вельмі заможныя.

         - Вы пазычалі ў іх грошы, Жаклін? – кароль уважліва паглядзеў каханцы ў вочы. Яна на хвілінку збянтэжылася, адвяла позірк, але тут жа ўзяла сябе ў рукі.

         - Не, мой пане, ніколі. Хаця яны і прагнулі майго кахання.

         Філіп ускочыў з ложка і тузануў шнурок, што звісаў з балдахіна. Дзесьці заблямкаў званочак. У спальню ўбеглі два вартаўнікі.

         - Яе, - кароль паказаў пальцам на каханку, - у лёхі. Канцлера дэ Нагарэ да мяне.

         Калі маркіз увайшоў у спальню караля, Філіп, ужо апрануты, сядзеў за кававым столікам і нецярпліва пастукваў па сталешніцы тросцю.

         - Што здарылася, Ваша Вялікасць? – занепакоена запытаў канцлер.

         - Дэ Кляўе мне здрадзіла!

         - З кім? – не адразу зразумеў маркіз.

         - Не з кім, а на карысць каго?

         - Даруйце, ваша вялікасць, і на карысць каго?

         - А пра гэта Вы даведайцеся ад яе. Графіня ў лёхах. Але я Вам скажу, маркіз, – гэта тампліеры! І яны хацелі забіць мяне рукамі маёй жа каханкі. Я зразумеў гэта сёння. Забойцы! Пішыце тайны загад, маркіз…

         Вялікі магістр Ордэна тампліераў сядзеў у вялікай зале замка і задумліва глядзеў на агонь у каміне. Нячутна ўвайшоў найбліжэйшы паплечнік магістра прыёр Нармандыі Жафруа дэ Шарнэ. Ён наблізіўся да месіра і, пачціва схіліўшы галаву, вымавіў:

         - Рыцары прыйшлі, ваша міласць.

         Магістр яшчэ з хвіліну глядзеў на языкі полымя, як бы не ў стане адарваць вачэй ад гэтага відовішча, пасля чаго ціха загадаў:

         - Няхай уваходзяць.

         Праз хвіліну ў залу ўвайшлі самыя ўплывовыя рыцары Ордэна тампліераў і сталі вакол вялізнага круглага стала.

         - Сядайце! - запрасіў магістр.

         Калі ўсе ўладкаваліся ў высокіх драўляных крэслах, магістр няспешна пачаў гаварыць.

         - Браты мае! Вось ужо колькі вякоў наш Ордэн рыцараў-храмоўнікаў служыць пану Богу і нясе ў свет пастулаты святой царквы. Мы ахоўваем хрысціянскія каштоўнасці ад нападкаў розных паганцаў і сарацынаў. Але няўдзячнасць заўсёды была ўласціва людзям, і нават манархам. І сёння, браты мае, я са смуткам мушу сказаць, што чорныя хмары зайздрасці і сквапнасці навіслі над Ордэнам. Хцівыя і ненажэрныя вочы некаторых каранаваных асоб разгледзелі багацце нашых скарбніц і гараць ад нецярпення завалодаць імі.

         Адзін з рыцараў, камандор дэ Арнэ, ускочыў з крэсла, выхапіў меч і гучна зароў:

         - Хто гэта? Толькі назавіце іх прозвішча, майстар, і яны пазбавяцца не толькі хцівых вачэй, але і пустых галоў!

         Усе ў знак згоды заківалі галовамі, абурана загаманілі. Магістр стомлена ўзняў руку, і гул сціх.

         - Сядаце, доблесны рыцар дэ Арнэ. Я ніколькі не сумняваюся ў вашай адвазе. Але нам зараз спатрэбіцца хутчэй розум, чым проста сіла. Паводле звестак ад надзейнага чалавека з каралеўскага двара, закляты вораг нашага Ордэна Гійём дэ Нагарэ пераканаў караля Францыі Філіпа знішчыць Ордэн і авалодаць нашымі багаццямі.  І гэта пасля ўсяго дабра, зробленага намі каралю. Я тэрмінова збіраюся з візітам да папы Клімента V, і мяркую, што здолею адкрыць яму вочы на інтрыгі караля Францыі. Але мы павінны, браты мае, перасцерагчыся і надзейна схаваць скарбы Ордэна ад прагных лап Філіпа і яго канцлера. Мы павінны заснаваць новыя калоніі на выпадак, калі ў Францыі Ордэну не будзе месца. Пакляніцеся, рыцары, што пачутае вамі за гэтым сталом памрэ разам з вамі.

         - Клянёмся, - амаль хорам адказалі храмоўнікі.

         - Тады слухайце і запамінайце.  Дванаццаць галер са скарбамі Ордэна з дваццаццю рыцарамі і іх слугамі адправяцца  ў Новы Свет. Пра нашы срэбраныя руднікі на гэтай зямлі ў Еўропе ніхто не ведае, і мы ператворым некаторыя з іх у цудоўнае сховішча. Шэсць галер перавязуць скарбы і трыццаць рыцараў Ордэна са слугамі на востраў Барнхольм, дзе знаходзіцца наша крэпасць з часоў хрышчэння балцкіх паганцаў. Васямнаццаць караблёў адправяцца ў Літоўскую зямлю са скарбамі, пяццюдзесяццю рыцарамі і іх слугамі, дзе таксама захаваюць вывезенае багацце. Вы павінны будзеце заснаваць новыя паселішчы для братоў-тампліераў, адкуль і пачне адраджацца Ордэн, калі Францыя адмовіцца ад нас. Тады кожны рыцар-храмоўнік зможа знайсці сабе прытулак у новых мясцінах. А я заўтра адпраўляюся ў Парыж, куды кароль запрасіў мяне на пахаванне сваёй нявесткі тытулярнай імператрыцы Лацінскай імперыі Кацярыны. Адтуль накіруюся ў Рым на сустрэчу з папам Кліментам V. І дапаможа нам Бог!

         Васямнаццаць галер Ордэна тампліераў без перашкод пераадолелі Балтыйскае мова і на вёслах пачалі падымацца па магутнай і вірлівай рацэ Нёман. Калі наперадзе сталі бачны драўляныя сцены крэпасці Гародня, галоўны камандор храмоўнікаў Жан дэ Вільняк загадаў прышвартавацца караблям да берага. Хутка на шырокай паляне сярод векавых сосен былі расстаўлены шатры, лагер абнеслі частаколам з тонкіх бярвенняў, завостраных на канцах, выстаўлена варта. У шацёр да галоўнага камандора былі запрошаны на нараду камандоры атрадаў. Калі ўсе сабраліся і селі ў парусінавыя крэслы, дэ Вільняк пачаў гаварыць.

         - Браты тампліеры, як і загадаў Вялікі магістр, мы дасягнулі Літоўскай зямлі, і наперадзе бачна адна з іх крэпасцяў. Рыцар дэ Жувры! – звярнуўся камандор да аднаго з прысутных. – Вы былі ў гэтых мясцінах з тэўтонцамі, ведаеце іх мову і звычкі. Таму вазьміце пяць чалавек, коней і падарункі і адпраўляйцеся на перамовы з мясцовым князем. Нашы ўмовы Вы ведаеце. Іх умовы мы гатовы абмеркаваць. Чакаць вас будзем суткі. Калі вы не вернецеся, мы адслужым ў ваш гонар месу і рушым далей, паколькі наша задача не вайна, а мір з суседзямі. І няхай з вамі будзе Бог!

         П’ер дэ Жувры моўчкі падняўся, кіўнуў галавою і выйшаў з шатра.

         У невялічкай святліцы сядзелі за сталом два мужчыны ў доўгіх палатняных кашулях з мокрымі валасамі. Іх чырвоныя спатнелыя твары асвятляў дрыготкі агеньчык запаленай свечкі. Яны толькі што вярнуліся з лазні і зараз прагна наталялі смагу бярозавым квасам. Маладыя, каржакаватыя, з яснымі сінімі вачыма, гэтыя дзецюкі вельмі паходзілі адзін на аднаго. Першы з іх быў сынам нальшчанскага князя Даўмонта Давыд, за мужнасць і адвагу ў баях і паходах пастаўлены князем Віценем

старостам Гародні. Яго паплечніка звалі Барысам, і стаяў ён, нягледзячы на малады ўзрост, ваяводам гарадзенскага войска. Праўда, ад таго войска адна назва і засталася. Людзей няма, грошай няма, пасля апошняй крыжацкай аблогі траціна горада згарэла, крапасныя сцены напалову знішчаны. А князь Віцень патрабуе, каб Гародня стала надзейным шчытом Панямоння. І як гэта зрабіць? Такія вось пытанні і абмяркоўвалі ваяры, астываючы пасля лазні.

         - Ну добра, горад, крапасныя сцены мы адбудуем, - працягваў разважаць Давыд, паставіўны пусты кубак на стол. – Лесу ў нас хапае, смердаў таксама. А вось што з дружынай рабіць? Набраць ваяроў, узброіць, пасадзіць на коней – гэта ж колькі грошай трэба. А дзе ўзяць? Княжа Віцень і чуць пра грошы не хоча.

         - А яшчэ, княжа, - падтрымаў размову Барыс, - трэба навучыць  новую дружыну вайсковай справе. У мяне сёння цэлых ды здаровых засталося сорак чалавек. Хіба гэта войска? Ты ж бачыў, як б’юцца крыжакі: усё па камандзе, роўнымі шарэгамі... А іхнія балісты, каменямёты… Чаму ў нас няма такіх?

         - Няма, таму што не ўмеем зрабіць, - жорстка адказаў Давыд. Пасля чаго стукнуў кубкам па стале і зычна крыкнуў:

         - Чашніка сюды!

         Праз імгненне ў двярах узнік сівы дзед са збанам у руках.

         - Прынясі нам добрай медавухі, дзед.

         - А вось трайняку адведай, княжа, - і чашнік пачаў налівах духмянае пітво ў кубкі.

         - Адкуль ты ведаў, што трэба мёд прынесці? – здзіўлена запытаў Барыс.

         - Пажывеш, паслужыш з маё, таксама будзеш усё ведаць, ваявода, - усміхнуўся ў вусы дзед, паставіў на стол збан і ціхенька выйшаў з пакоя.

         - Цікавы стары, - толькі і сказаў Барыс.

         - Так, цікавы, - падтрымаў Давыд, - быў і дружыннікам, і дзясятнікам, ну і зараз, бачыш, служыць князю. А яшчэ добра апавядае пра мінуўшчыну. Як не трымаць такога на службе?

         - І то праўда, - згадзіўся ваявода. – Давай, княжа, вып’ем, каб усё ў нас зладзілася, усё атрымалася.

         - Давай! – пагадзіўся князь. – З Боскай дапамогай што-небудзь прыдумаем.

         Хлопцы спустошылі кубкі і на хвіліну кожны замаўчаў пра сваё.

         Тут рыпнулі дзверы, і ў пакой увайшоў вартаўнік у доўгай кальчузе, шышаку на галаве і з дзідай у руцэ.

         - Княжа, - загаварыў ён, схіліўшы галаву, - да цябе просяцца нейкія людзі. Кажуць, рыцары з Францыі. Але непадобныя яны на ваяроў: без зброі, без даспехаў. Толькі нажы доўгія вісяць на паясах.

         - І шмат іх? – запытаўся Давыд.

         - Чалавек пяць.

         - Ці ж не лавушка гэта якая? – занепакоіўся Барыс.

         - А мы паглядзем, - спакойна адказаў князь. – Ты, Барыс, падымай дружыну і непрыкметна акружыце гэтых рыцараў, каб ні адзін у выпадку чаго не знік. А ты, Дарыслаў, прывядзі сюды іх галоўнага і будзь напагатове.

         Як толькі ваявода з вартаўніком выйшлі, у пакоі з’явіўся дзед з вышытай залатымі ніткамі кашуляй ў адной руцэ і з тонкай кароткай кальчугай у другой.

         - Надзень, княжа, кальчужку, а на яе кашулю. Няма веры паганым рыцарам! – і з паклонам працягнуў Давыду. Той на імгненне задумаўся, затым моўчкі надзеў усе ўборы і зацягнуў на сабе шырокі пояс з кароткі мячом у ножнах.

         Вярнуўся Барыс, а неўзабаве і Дарыслаў увёў у пакой двух высачэзных мужчын з вялікім кулём у руках.Убачыўшы князя, яны паклалі на падлогу куль, прыклалі правую руку да сэрца і з годнасцю пакланіліся.

          - Хто вы такія і з якой мэтай прыбылі ў Гародню? – запытаў Давыд.

         - Мы рыцары Ордэна тампліераў. Прыплылі з Францыі па загадзе Вялікага магістра Жака дэ Мале. І прыйшлі да Вас, князь, з мірам і адкрытым сэрцам.

         Госці разгарнулі куль, і прысутныя ўбачылі аздобленую каштоўнымі камянямі зброю, залатыя кубкі, россыпы пярсцёнкаў, дыяментаў, залатых манет.

         - Што ж, раз з мірам, будзеце дарагімі гасцямі, - з усмешкай адказаў Давыд і паказаў рукою на лаву. – Сядайце ў нашай хаце. Стольнік, чашнікі!

         У імігненне пакой напоўніўся слугамі. Стол накрылі новым абрусам, расставілі кубкі, талеркі, з’явіліся і мёд трайны, і раманея, і прысмакі мясныя.

         - Давайце падымем кубкі за Вялікага магістра Ордэна тампліераў. І перадайце яму маю ўдзячнасць за падарункі! – і Давыд высушыў чашу да дна.

         Усе таксама выпілі, але да ежы ніхто і не дакрануўся. Давыд пільна ўглядаўся ў твары рыцараў, чакаючы далейшых дзеянняў. П’ер Жувры, як бы чытаючы думкі князя, распачаў бяседу.

         - Княжа Давыд, я раскажу ўсё без утойкі, а вы ўжо вырашыце, як будзе далей. Наш ордэн яшчэ нядаўна быў самым магутным у Еўропе. Але сёння нам няма месца нават у Францыі. Ворагі настроілі караля Філіпа супраць братоў ордэна. Сёння-заўтра вырашыцца лёс усяго ордэна. Але разумны гаспадар не чакае патопу, ён рыхтуецца да горшага. І частка братоў храмоўнікаў з’ехала з Францыі, каб і пры найгоршым выніку ордэн жыў. І мы просім дазволу пасяліцца на тваёй зямлі, князь.

         - Што ж, рыцар дэ Жувры, праўда за праўду, - адказаў Давыд. – Вось ужо шмат часу мы ваюем з рыцарамі Тэўтонскага ордэна за сваё жыццё. І нічога, апроч смерці і рабавання, ад рыцараў наш народ не бачыў. Чаму я павінен верыць рыцарам Ордэна тампліераў? Чым вы адрозніваецеся ад іх? І што будзе мець Гародня ад такога суседства?

         - Дзякуй, княжа, за праўду. Я адкажу табе. Храмоўнікі ніколі не ваявалі на вашых землях і ніколі не падтрымлівалі тэўтонцаў. Нас пяцьдзясят чалавек рыцараў і столькі ж слуг. Мы пабудуем сваю крэпасць і будзем абараняць Вашу зямлю ад усіх нападкаў, паколькі гэта будзе і наша зямля. Нашы рыцары загартаваныя ў бітвах, маюць вялікі ваенны вопыт, і мы можам шчодра ім падзяліцца з тваімі ваярамі, княжа. І па-трэцяе. За права жыць на гэтых землях мы плацім табе,  князь Давыд, тры галеры золата і дыяментаў. Што ты на гэта скажаш?

         Князь падняўся, прайшоў па пакоі і спыніўся перад рыцарамі.

         - Вам зараз дадуць мяса, мёду, хлеба. Адпраўляйцеся ў свой лагер, а раніцай я прыеду да вас пагасцяваць. Там і вырашым канчаткова.

         Рыцары падняліся з-за стала, пакланіліся князю і моўчкі выйшлі з пакоя. Давыд сеў насупраць Барыса.

         - Што скажаш, браце Барыс?

         - Пытанне, - пачухаў той патыліцу. – З аднаго боку, усё, пра што толькі марылі: пяцьдзясят сур’ёзных ваяроў, яны навучаць і нашу моладзь ваяваць, яны ж і нас навучаць рабіць розныя балісты. А на золата збяром і ўзброім неблагое войска.

         - А з другога боку? – пацікавіўся князь.

         - А з другога боку, іх пяцьдзясят загартаваных у баях рыцараў. Ды слуг пяцьдзясят. Таксама, магчыма, ваяры. І таго, сотня ворагаў у нашым тыле. Калі ўдараць нечакана, толькі капытцы ад нас застануцца. Хаця, княжа, я гатовы даць ім веры.  Непадобныя яны на тэўтонцаў. Можа, і праўда, няма куды дзецца людзям.

         - Добра, - адказаў Давыд, - пайшлі спаць.

         Але заснуць гэтай ноччу ён так і не змог. Што гэта сёння было: Боскі падарунак ці хітрыкі ненавісных тэўтонцаў? Як распазнаць праўду і не зрабіць памылковых крокаў? Але Бог быў ласкавы гэтым разам да Давыда, і адказ прыйшоў зусім некачана на раніцы.

         Яшчэ не спявалі першыя пеўні, як у апачывальню князя ўварваўся Барыс.

         - Княжа! – гучна клікаў той, - Прачніся!

         - Чаго равеш, - спакойна адказаў Давыд, - я не сплю. Што здарылася?

         - Княжа, калі ўчора рыцары з’ехалі, я за імі паслаў лазутчыка, паглядзець, паслухаць, што робіцца. Ён з купцоў, і мову іхнюю добра ведае.

         - І што? - нецяпліва перапыніў Давыд.

         - Ды ён сам і раскажа, - адказаў Барыс. – Эй, купец, дзе ты там?

         У пакой увайшоў невялічкага росту межчына, які тут жа кінуўся перад князем на калені.

         - Падыміся, - загадаў князь. – Сядай на лаву і расказвай.

         - Светлы княжа, як і было загадана слаўным ваяводам, я прыхапіў крыху рознага тавару і паехаў у стан рыцараў: дай, думаю, і пагандлюю крыху, і ўбачу што цікавае. Прыехаў, як чую, трубіць іхні рог. І ўсе пакідалі свае справы і пабеглі да цэнтра, дзе ў тампліераў невялічкая плошча паміж шатроў. І выходзіць іхні галоўны і гаворыць:

         - Толькі што ганец прывёз ліст ад нашых братоў з Францыі. Слухайце, рыцары!

         “ Браты мае! 12 кастрычніка Вялікі магістр Ордэна тампліераў Жак дэ Мале нёс гроб нявесткі караля Кацярыны, і нішто не паказвала на няміласць манарха. А ўжо назаўтра і магістр, і ўсе тампліеры былі арыштаваны па агідных і скандальных абвінавачваннях у ерасі, распуцтве і мужалостве.  Браты практычна не аказвалі супраціўлення, строіліся і пакорліва ішлі насустрач лёсу. А вялікі магістр Жак дэ Мале, ужо задыхаючыся ў полымі інквізітарскага кастра, паспеў пракрычаць свой праклён: “Папа Клімент! Кароль Філіп! Рыцар Гіём дэ Нагарэ! Не пройдзе і года, як я паклічу вас на Суд Боскі! Праклінаю вас! Праклён на ваш род да трынаццатага калена!”.    Гэта была пятніца 13 кастрычніка 1307 года. Мы асірацелі, браты мае. Але не забывайце Ордэна нашага і вялікага Жака дэ Мале! Рыцар Ордэна тампліераў Патрык дэ Рытдор”.

         - Пасля гэтых слоў, светлы княжа, я і кінуўся апавясціць цябе аб такой падзеі.

         Давыд падняўся, падышоў да купца, абняў яго двума рукамі.

         - Дзякуй табе, купец, за вялікую навіну, што ты нам прынёс. Барыс, дай яму пярсцёнак з учарашніх. Ідзі, добры чалавек.

         Купец выйшаў, а князь радасна ўсклікнуў:

         - Ну што, Барыс, цяпер дакладна можна ехаць да рыцараў. Яны нашы!

         Гэтым жа днём гарадзенскі кашталян Давыд і галоўны камандор Ордэна тампліераў Жан дэ Вільняк падпісалі патаемную дамову, паводле якой гарадзенскі староста дазваляе Ордэну тампліераў, па-першае, пабудаваць сваю крэпасць на супрацьлеглым ад горада месцы, якое прызначыць ён сам; па-другое, наймае рыцараў-храмоўнікаў у свае войска з аплатай адной дзесяцінай ад захопленай маёмасці ворагаў, але без іншых грашовых ці маёмасных выдаткаў; па-трэцяе, дазваляе рыцарам, якія не могуць працягваць вайсковую службу, купляць надзел пахатнай зямлі і заводзіць сваю гаспадарку. У сваю чаргу рыцары-храмоўнікі даюць клятву перад панам Богам і князем: захоўваць вернасць кашталяну гарадзенскаму Давыду Даўмонтавічу на ўсе вякі; па-другое, кожны рыцар становіцца дзясятнікам войска Гарадзенскага і абяцае падрыхтаваць сваіх ратнікаў да ваеннай справы; па-трэцяе, перадаць старосту Давыду тры галеры золата і каштоўных камянёў. І на гэтым цалавалі святы крыж.

         Для пабудовы замка гарадзенскі кашталян выдзяліў рыцарам кавалак зямлі з лесам на супрацьлеглым ад крэпасці беразе Нёмана, які называўся Румеляй. Калісьці там жылі ўцекачы з Македоніі, захопленай Асманскай імперыяй. Але паступова македонцы перасяліліся ў навакольныя вёскі, разбрыліся па зямлі літоўскай, і неўзабаве ад іх паселішча засталася адна назва.

         Месца храмоўнікам надзвычай спадабалася: высокі холм, акружаны з трох бакоў глыбокім аўрагам, а з чацвётнага магутным Нёманам. Румельскі лес быў багаты на дзічыну, вавёрак, векавыя дрэвы сталі цудоўным матэрыялам для будаўніцтва.

         - Вось адсюль, браты мае, - урачыста абвясціў Жан дэ Вільняк, - і пачнецца адраджэнне Ордэна тампліераў. Перш за ўсё мы павінны пабудаваць сховішча для скарбаў ордэна. Затым пабудуем дамы і ўзвядзём ахоўную вежу. Камянёў тут, бачу, дастаткова. За справу, слаўныя сыны Ордэна!

         Неўзабаве на высокім беразе ракі ўзняліся дамы рыцараў і невялічкія хаткі іх слуг, гаспадарчыя пабудовы, хлявы і свіраны. Рыцары запрашалі будаўнікоў з усяго наваколля і добра плацілі за працу. Назапашваліся камяні і для будаўніцтва вежы. А па начах ішла яшчэ адна будоўля. Дэ Вільнякам былі адабраны 15 самых моцных слуг, якія прыехалі з рыцарамі з Францыі і зусім не ведалі мясцовай мовы. Яны начамі капалі сховішча для скарбаў, а днём адсыпаліся, адпачывалі ў спецыяльна зробленай для іх хаце. Гэтым будаўнікам не шкадавалі ні ежы, ні пітва, але і выходзілі са свайго будана яны толькі ўначы і пад вартай каго-небудзь з рыцараў. Праца ішла ладна, і ўжо праз два месяцы камандору даклалі, што падзямелле зроблена. Гэта была досыць вузкая, але доўгая, метраў з 20, галерэя. Сцены, столь і падлога высціланы камянямі. Калі туды былі перанесены ўсе прывезеныя скарбы, уваход у галерэю запячаталі асабістай пячаткай дэ Вільняка і акуратна заклалі пластамі дзёрну. Ніхто ніколі не здагадаецца, што ў двух кроках ад старога, але яшчэ моцнага дуба знаходзіцца нейкі схрон. Гэтай жа ноччу былі атручаны віном і пахаваны ўсе будаўнікі галерэі. Толькі на шляхетных рыцараў і іх вернае слова мог спадзявацца дэ Вільняк. Больш нікому нельга было даваць веры.

         Тым часам войска Давыда расло як на дражджах. Новыя рэкруты ішлі з розных зямель, даведаўшыся пра добрую аплату і ўмовы для гарадзенскіх дружыннікаў. Але і служба была нялёгкай. Кожны дзень з раніцы да вечара рыцары ордэна тампліераў вучылі ваяроў пешаму строю, валоданню мячом, дзідай, лукам.

         А неўзабаве надаўся выпадак і праверыць ваеннае майстэрства новай дружыны. Князь Віцень загадаў Давыду дапамагчы Наваградку, які аблажылі тэўтонцы.

         Раніцай у сваіх пакоях Давыд зладзіў ваенны савет. На ім прысутнічалі воявода Барыс, новы галоўны камандор П’ер дэ Жувры і сам Давыд. Камандор ордэна дэ Вільняк да гэтага часу ўжо адышоў у лепшы свет.

         Барыс перадаў прысутным інфармацыю ад лазутчыкаў. Караблі, на якіх прыбылі тэўтонцы, з малой аховай стаяць на Нёмане. Там жа знаходзіцца і асноўны правіянт ворага. Рыцары плануюць штурм праз тры-чатыры дні, паколькі яшчэ не падцягнулі балісты і каменямёты.

         Давыд уважліва выслухаў ваяводу і рашуча загаварыў:

         - Наш план будзе наступным. Ты, камандор, бярэш тры дзясяткі навабранцаў і атакуеш караблі. Правіянт забраць, галеры спаліць. Так мы адрэжам рыцарам шлях да адступлення. Ты, Барыс, са старой праверанай дружынай непрыкметна прабіраешся ўначы ў лагер тэўтонцаў і перабіваеш варту. Пасля чаго я з асноўнай часткай войска атакую крыжакоў. Раптоўнасць – наш асноўны шанц на перамогу.

         - Гэта план, годны выдатнага стратэга, - з годнасцю заўважыў дэ Жувры.

         - Што ж,- сказаў Давыд, - тады з Богам!

         Калі паплечнікі выйлі з пакоя, Давыд сеў на лаву і задумаўся: “Так, дружына гарадзенская зараз немалая, і падрыхтавана, здаецца, няблага. Але як павядуць сябе ў першым баі маладыя ратнікі? Ці не спалохаюцца жалезных даспехаў крыжакоў, ці не пабягуць назад? Што ж, бой пакажа! Ёсць жа ў мяне і храмоўнікі – вопытныя ваяры, ды і Барыс са сваімі ратнікамі заўсёды падтрымае, не дрогне. Божа, паклапаціся аб нашай перамозе!” Давыд падышоў да абразоў і пачаў істава маліцца.

         Счакаўшы, пакуль лагер канчаткова засне, ваявода Барыс загадаў дружыне скласці ў яры шчыты, дзіды і лукі, пакінуўшы пры сабе толькі кароткія мячы і нажы. Двума струменьчыкамі, нячутна, бы прывіды, гарадзенцы рушылі да лагера, ахопліваючы яго з  бакоў. Апошніх метраў трыццаць яны ўжо паўзлі, шчыльна прыціскаючыся да зямлі. Вось і  паказаліся крыжацкія белыя шатры. Каля іх няспешна праходжваўся вартаўнік, насвістваючы нейкую мелодыя. Як рысь, кінуўся яму на плечы Барыс, заціснуўшы леваю рукою рот рыцара, а нажом у правай секануў таго па горле. І тут жа асцярожна апусціў абмяклае цела. Азірнуўся па баках. Ягоныя паплечнікі таксама ўдала заканчвалі крывавую справу. Тады Барыс склаў вакол рота далоні колам і тройчы пракрычаў жаўной.

         Давыд пільна ўглядаўся ў ноч, куды звечара пайшлі дружыннікі з ваяводам. Ніколі, здавалася, час не цягнуўся так марудна. За спінай кашталяна пераміналіся з нагі на нагу пешыя ваяры, стрымлівалі гарачых коней вершнікі. І тут Давыд пачуў, як тройчы пракрычала жаўна. Так, ніякіх сумненняў, гэта Барыс.  Давыд павярнуўся да войска і гучна пракрычаў:

         - Браты мае, вось і наш час прыйшоў! Пакажам паганым тэўтонцам, што гэта мы гаспадары ў сваім доме! За мной!

         Ён злёгку тузануў каня абцасамі ботаў, і той, стаўшы адным цэлым з гаспадаром, панёсся ў стан ворага. А за імі лавінай пацякла ўся гарадзенская раць. Пачуўшы стук капыт, з шатроў пачалі выскокваць крыжакі. Разгубленыя і збянтэжаныя, яны мітусіліся, кідаліся ў розныя бакі і тут жа падалі пад мячамі Барысавых ваяроў. Смерчам праз лагер тэўтонцаў прайшло войска Давыда, не пакідаючы ніводнага шанца ворагам на выратаванне. Толькі невялічкая група рыцараў паспела ўскочыць на коней і кінуцца да прышвартаваных караблёў. Але і там яны знайшлі толькі смерць ад мячоў камандоравых ваяроў. Такой жахлівай паразы крыжакі даўно не мелі. А Давыд Гарадзенскі, падняўшыся на пагорак, глядзеў на спрыт свайго новага войска, і сэрца яго поўнілася радасцю і спакоем. Так пачыналася неўміручая слава гарадзенскага кашталяна.