Студентам Студенческая жизнь Літаратурны клуб «Катарсіс» Навіны і аб'явы

ДА ДНЯ РОДНАЙ МОВЫ

21 февраля 2023 — 13:20

Літаратурны клуб “Катарсіс” правёў у сценах Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта шэраг цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных міжнароднаму Дню роднай мовы. Гэта і творчыя сустрэчы студэнтаў з сябрамі клуба, і наведванне музея беларускай этнаграфіі, і літаратурны конкурс беларускамоўнай паэзіі сярод студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта. А кульмінацыяй святкавання стала напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі. Гэтым разам тэмай дыктоўкі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім ўніверсітэце стала шэсцьдзесят пятая гадавіна ўтварэння нашай alma mater.

А мы прапануем пазнаёміцца з лепшымі вершамі, дасланымі на літаратурны конкурс “Да Дня роднай мовы”.

                                       Кіраўнік літаратурнага клуба “Катарсіс” В.І.Варанец

                    

Альховік Руслан

(лячэбны факультэт 1 курс)

* * *

Яна як матуля – такая ж ласкавая!

Як зорка яна, бо такая ж яскравая!

Яна – гэта чулае матчына слова!

І гэта усё – наша родная мова!

 

Яна у сусвеце скарб найдаражэйшы,

Яе не зламалі вякоў ператрусы.

Ёй песні спяваюць, складаюцца вершы,

Бо з моваю толькі жывуць беларусы.

 

Без мовы народа няма і не будзе.

Без мовы ніхто і нішто мы у свеце!

Шануйце, любіце сваю мову, людзі,

І гэту любоў захавалі каб дзеці!

       

Белагур Яўгенія

(педыятрычны факультэт 4 курс)

* * *

Краіна мая- мая Беларусь

Люблю я цябе і табой ганарусь!

Я тут нарадзілася, тут і жыву,

І ветрыкам вольным тут дыхаць магу.

Мне сонца ласкавае свеціць з нябес,

Упэўнена – будзе шчаслівым мой лёс!

Лясы і азёры, лугі і палі…

Не ведаю я прыгажэйшай зямлі.

 

Белазаровіч Ульяна

(медыка-псіхалагічны факультэт 1 курс)

* * *

Люблю дарагую, святую Айчыну, 

Азёры яе, баравыя лясы,

Зязюлі куванне і крык жураўлiны

У поступе хуткай чаканай вясны.

Крынiчку у лесе i сцежачку ў полi, 

Дзе ззяюць раскошаю кроплi расы, 

І сэрца спявае ад шчасця і волі,

Ад непаўторнай і любай красы.

Малюся, Радзіма, за людскае шчасце, 

За тое, што з сэрцы з дзяцінства нашу.

Кааб нас абмінулі вайна і напасці,

I сэрцам Усявышняга шчыра прашу:

Ты мужнасцi, розумудай беларусам,

Каб мы не пагразлі у здрадзе, ілжы.

І зайздрасці каб не было і прымусу,

Даруй нам грахі і народ зберажы!

 

Кабылянец Марына

(камендант вучэбнага корпуса (вул.М.Горкага,81)

* * *

Матчына мова такая мне родная!

Ты мілагучная і непаўторная!

Ціхая часам, парою і зычная!

Цёплая ўся і празрыста-крынічная!

Ты падыходзіш з любоўю да кожнага,

Дорыш магчымасць пачуць слова Божае…

Ты непаўторная і арганічная,

Вольная, быццам бы поле пшанічнае!

Так, ты рамонкавая,  васільковая!

Сціплая дзесьці, а трэба – бядовая.

Вусны з табою такія мядовыя,

Матчына мова такая мне родная!

 

Карончык Алена

(асістэнт кафедры паліклінічнай педыятрыі)

Дзяцінства майго ўспамін

Я ўяўляю, што зноў у дзяцінстве…

Крочу сцяжынкай, дамоў што вядзе.

А пад нагамі апалае лісце

Золатам ззяе, нібыта у сне.

 

Над галавою бязмежнае неба.

Шчыра вітае мяне бацькаў дом.

Хата напоўнена водарам хлеба

І непаўторным сардэчным цяплом.

 

Помню, матуля спявала так міла

Мне пра каханне і родны куток.

Потым да сэрца пяшчотна туліла,

Ціха шаптала, каб Бог засцярог…

 

Столькі ўжо год, а ўспаміны жывыя.

Ў думках вяртаюся часта ў той час,

Дзе пражыла я гады залатыя,

І дзе утульна так кожнаму з нас.

 

Полудзень Арцемій

(лячэбны факультэт 4 курс)

Першае каханне

Цябе без памяцi кахаю,

Ты ў думках зранку да змяркання,

Я ўсе iмёны забываю,

Тваё шапчу як заклiнанне.

 

Ты гераiня сноў нірваны,

Хачу тваёй я шчырай ласкi,

Шапчу, як быццам апантаны:

Ты прыгажуня з дзiўнай казкi!

 

I ў спёку, снежныя завеi,

У дождж,  і шэрае нянасце,

З табою ўсе мае надзеi,

Ты мая мара, маё шчасце!

 

Я словы ад душы шукаю,

Чакаю першага спаткання,

Я ў казку дзверы адчыняю,

Жыць немагчыма без кахання!

 

Русялевіч Віялета

(лячэбны факультэт 1 курс)

Любімай Беларусі

Што такое бязмежнае шчасце?

Кожны прыклад вам свой прывядзе.

Але можна ўсё гэта ўкласці

У адзінай для ўсіх чарадзе.

 

Гэта яркае сонца ў небе,

Чысціня нашых рэк і азёр,

Луста смачнага цёплага хлеба,

І пяшчотнае зумканне пчол.

 

Гэта песня сяброўству і волі -

Жаўруковы  душэўны напеў.

І ледзь бачная сцежка праз поле,

На якой ты каханне сустрэў.

 

Гэта свет, якім я ганаруся,

І супольнасць шчаслівых людзей,

Белы бусел над Белаю Руссю -

Сімвал радасці, веры, надзей.

 

Гэта шчасце, сваю мець Айчыну!

І я зараз ўрачыста клянусь:

Не дапусцім мы чорнай гадзіны,

Захаваем сваю Беларусь!

 

 

 

Назад