Ідэалагічная і выхаваўчая праца Прэс-цэнтр Навіны

Людзі, якія спынілі бяду: гісторыі супрацоўнікаў ГрДМУ – ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС

25 красавіка 2026 — 10:02

26 красавіка 2026 года спаўняецца 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС – адной з самых маштабных тэхнагенных катастроф у гісторыі чалавецтва. Гэта трагедыя, якая адбылася ў ноч з 25 на 26 красавіка 1986 года, нанесла каласальны ўрон не толькі экалогіі, але і здароўю і жыццю людзей. Яна стала бедствам нацыянальнага маштабу, наступствы якога адчуваюцца да гэтага часу, праз чатыры дзесяцігоддзі.

Маштаб катастрофы выйшаў далёка за межы адной краіны: радыеактыўнае воблака распаўсюдзілася над значнай часткай еўрапейскага кантынента. Пад сур’ёзным ударам апынулася і наша беларуская зямля – каля чвэрці тэрыторыі Рэспублікі падпала пад радыеактыўнае забруджванне, пацярпелі тысячы населеных пунктаў, былі эвакуіраваны цэлыя раёны. Для Беларусі гэта трагедыя стала нацыянальным болем, які запатрабаваў шматгадовых намаганняў па дэзактывацыі, перасяленню людзей і аднаўленню пацярпелых тэрыторый.

Памяць аб гэтай трагедыі жывая да гэтага часу: штогод 26 красавіка ў Беларусі ўспамінаюць ахвяр і аддаюць даніну павагі тым, хто рызыкаваў жыццём дзеля мінімізацыі наступстваў катастрофы.

Асаблівы гонар выклікае той факт, што шэраг супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта маюць статус удзельніка ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Гэтыя людзі ў свой час адправіліся ў зону адчужэння, каб выконваць вельмі складаныя і небяспечныя задачы. Іх мужнасць, самаадданасць і прафесіяналізм сталі важным укладам у агульную перамогу над наступствамі аварыі.

22 красавіка 2026 года ў рамках пасяджэння ўніверсітэта супрацоўнікі ГрДМУ – ліквідатары наступстваў катастрофы былі ўзнагароджаны нагрудным знакам «за заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. Сярод іх – вартаўнік 2‑га разраду Уладзімір Мікалаевіч Кароль, дацэнт 1‑й кафедры дзіцячых хвароб Таццяна Іванаўна Роўбуць, вартаўнік 2-га разраду Галіна Леанідаўна Стогній.

Расказваем асабістыя ўспаміны ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (з матэрыялу, прымеркаванага да 35‑годдзя чарнобыльскай трагедыі).

Дацэнт 1-й кафедры дзіцячых хвароб Таццяна Іванаўна Роўбуць скончыла Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут у 1983 годзе па спецыяльнасці «Лячэбная справа». Праз год малады ўрач-тэрапеўт разам з мужам, урачом-хірургам, паехала на працу па размеркаванні ў горад Хойнікі Гомельскай вобласці.

У 1986 годзе, калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, мы з мужам з першага дня прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы, – расказала Таццяна Іванаўна. – Тады ў горадзе адразу было ўведзена ваеннае становішча, бо мы знаходзіліся прыкладна за 50 кіламетраў ад самаго Чарнобыля. З зоны адчужэння да нас прывозілі людзей. Мы аказвалі ім першую неабходную дапамогу: абследавалі пацыентаў, вымяралі дозу апраменьвання. Акрамя гэтага, прымалі ўдзел у эвакуацыі насельніцтва, праводзілі лекцыі і супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Мы тады суткамі жылі ў бальніцы. Абараняліся максімальна: насілі спецвопратку, пілі ёд. Прадукты, вада, іншыя рэчы – усё было прывазное. Усе не да канца разумелі, што адбываецца. Медыкі ўсведамлялі аб’ём трагедыі, аднак увесь яе маштаб прадставіць не маглі. У такіх умовах разам з мужам працавалі каля паўтара года.

У 2016 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, асабістую мужнасць і самаадданасць, праяўленыя пры ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, значны асабісты ўклад у пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Таццяна Іванаўна Роўбуць узнагароджана медалём «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый».

На момант аварыі на Чарнобыльскай АЭС Уладзіміру Мікалаевічу Каралю быў 31 год. Ён працаваў у ДАІ Гродзенскага аблвыканкама. Здавалася, што сфера дзейнасці іншая – не медыцынская, і аварыя маладога мужчыну не закране. Але ў верасні 1987 года Уладзіміра Мікалаевіча ўключылі ў зводны атрад Гродзенскай вобласці па лініі ДАІ і камандзіравалі на месяц у Хойнікі.

– Мы ведалі, куды едзем. Ведалі пра трагедыю, якая адбылася на Чарнобыльскай АЭС. Але радыяцыя ж нябачная. Гэта калі вайна ідзе – страляюць, чуваць. Таму ўсю небяспеку радыяцыі мы не ўяўлялі. Нам выдалі шэрую форму, і мы прыступілі да працы, – успамінае Уладзімір Мікалаевіч. – Наш пост размяшчаўся на дарозе Брагін–Гомель. Мы аглядалі машыны, якія ехалі ў Гомель. У нас быў дазіметр, якім правяралі радыяцыйны фон. Машыны заганяліся на апрацоўку і пасля ўжо яны ішлі ў Гомель. Наша змена доўжылася па 12 гадзін. На пасту стаялі 2 чалавекі, у гэты час 4 адпачывалі, затым мы мяняліся. Жылі там жа, нам выдзелілі дом. Спачатку, калі мы толькі прыбылі на пост, праверылі наша здароўе. І пасля, па вяртанні ў Гродна, таксама праверылі. Таксама можна было прайсці санаторнае аздараўленне.

Уладзімір Мікалаевіч 39 гадоў праслужыў у ДАІ, некалькі гадоў працаваў у Белтэхаглядзе. У цяперашні час працуе вартаўніком 2‑га разраду ў Гродзенскім медуніверсітэце.

Вартаўнік 2-га разраду ГрДМУ Галіна Леанідаўна Стогній таксама дзеліцца сваімі ўспамінамі. Калі адбылася катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, ёй было 28 гадоў. У гэты час малады ўрач‑тэрапеўт была ў Мінску на курсах павышэння кваліфікацыі. У Гродне Галіна Леанідаўна працавала ў 4-й паліклініцы. Пра тыя падзеі яна ўспамінае з горыччу ў голасе.

– Усяго праз месяц пасля аварыі, у маі 1986 года, нас на два тыдні камандзіравалі ў раённую бальніцу ў Хойнікі, – успамінае Галіна Леанідаўна. – Тады везлі цэлы аўтобус: і ўрачы, і медсёстры, і іншы медыцынскі персанал. Мы разумелі, куды едзем, але ўсё ж баяліся, бо тады казалі, што радыяцыя па‑іншаму ўплывае на малады арганізм, чым на больш дарослы. Наступствы бачныя не адразу. Мне яшчэ не было трыццаці, а там ужо працавалі медсёстры малодшыя за мяне – дзяўчынкам тады было па 22-23 годы. Таму камандзіроўкі, у асноўным, былі двухтыднёвыя.

Працавалі медыкі не толькі ў бальніцы. Былі выязныя прыёмы пацыентаў у вёсках, якія не паспелі яшчэ эвакуіраваць з зоны адчужэння.

Па вяртанні ў Гродна мы ездзілі на аздараўленне ў санаторыі, – дапаўняе Галіна Леанідаўна. - Дзяржава давала нам розныя льготы, напрыклад, бясплатныя лекі.

Напярэдадні 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта і Абласны галіновы прафсаюз арганізавалі сустрэчу з ліквідатарамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Уладзіслаў Робертавіч Галяк падкрэсліў значнасць подзвігу медыкаў:

– Важна, каб кожнае пакаленне нашых работнікаў ведала: побач працуюць людзі, чыя біяграфія – прыклад мужнасці і сапраўднага служэння людзям.

Аддзел па сувязях з грамадскасцю

Фота: з архіва ГрДМУ, grodnoprofzdrav.by, асабістага архіва У.М. Караля і адкрытых інтэрнэт-крыніц

Назад