Медыцына без межаў. Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Люцэрне (Швейцарская Канфедэрацыя) наведаў ГрДМУ
Сёння Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт з рабочым візітам наведаў ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Люцэрне (Швейцарская Канфедэрацыя) Герман Александэр Бейелер. Мэта візіту – знаёмства з сістэмай медыцынскай адукацыі і аховы здароўя рэгіёна.
Рэктар ГрДМУ Ігар Георгіевіч Жук у прывітальным слове адзначыў, што развіццё цесных партнёрскіх адносін – адна з прыярытэтных задач ВНУ. У якасці прыкладаў паспяховага супрацоўніцтва ён прывёў шэраг пагадненняў з замежнымі медыцынскімі ўніверсітэтамі і клінічнымі цэнтрамі, якія ўжо далі плённыя вынікі.
– Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт-адносна маладая ўстанова адукацыі, арганізаваная ў 1958 годзе. Універсітэт сёння – гэта 6 факультэтаў і 45 кафедраў. У ГрДМУ навучаецца больш за 5 000 студэнтаў, сярод якіх звыш 1 200 – замежныя грамадзяне з 30 краін свету. Навучанне на факультэце замежных студэнтаў праводзіцца на англійскай мове. Універсітэт прапануе шырокі спектр адукацыйных праграм. ВНУ нацэлена на практыка‑арыентаванае навучанне, таму ГрДМУ першым у краіне адкрыў сімуляцыйна‑атэстацыйны цэнтр, – падкрэсліў рэктар.


Кіраўнік універсітэта адзначыў, што кадры рыхтуюцца не толькі для Рэспублікі Беларусь, але і для многіх краін свету. ВНУ зацікаўлена ў пазітыўным іміджы, які прадстаўляе на міжнароднай адукацыйнай прасторы ўсю сістэму вышэйшай медыцынскай адукацыі краіны. Асаблівае значэнне надаецца якасці падрыхтоўкі выпускнікоў.
Для падрыхтоўкі якаснага спецыяліста неабходны высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад. Ва ўніверсітэце ў цяперашні час працуюць каля 40 прафесараў і 200 кандыдатаў навук. Акрамя таго, у ВНУ існуе 15 навукова‑педагагічных школ па розных напрамках медыцыны. Універсітэт супрацоўнічае з больш чым 120 медыцынскімі універсітэтамі і арганізацыямі, што пацвярджае імкненне ГрДМУ развіваць міжнароднае супрацоўніцтва.


Звяртаючыся да ганаровага консула, кіраўнік ВНУ шчыра падзякаваў яму за глыбокую цікавасць, праяўленую не толькі да дзейнасці самой навучальнай установы, але і да развіцця медыцынскай адукацыі ў цэлым, а таксама да сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Ігар Георгіевіч падкрэсліў, што такая ўвага з боку Міжнароднага прадстаўніка стварае спрыяльныя ўмовы для наладжвання новых партнёрскіх сувязяў, абмену вопытам і рэалізацыі сумесных праектаў у галіне медыцыны і падрыхтоўкі кадраў.
У сваю чаргу, ганаровы консул Герман Александэр Бейелер адзначыў, што для яго вялікі гонар знаходзіцца сёння ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце і атрымаць магчымасць знутры ўбачыць дзейнасць ВНУ.
– Для мяне навучанне ў медыцынскім універсітэце – гэта самы вялікі скарб, які можа быць у чалавека. І наогул вывучаць медыцыну – гэта неверагодна натхняльны занятак, – сказаў ГерманнАлександэр Бейелер. – Урачы штодня дапамагаюць людзям, ратуюць жыцці і палягчаюць пакуты. Вы ўвесь час працуеце на мяжы сваіх магчымасцяў, шукаеце спосабы пашырыць свае веды і кампетэнцыі, асвойваеце найноўшыя методыкі і тэхналогіі – і тым самым ўносіце ўклад у развіццё ўсёй галіны.
.jpg)
.jpg)
Ганаровы консул асабліва падкрэсліў, што развіццё медыцыны ў Беларусі знаходзіцца на вельмі высокім узроўні і заслугоўвае прызнання на міжнароднай арэне. Краіна ўваходзіць у лік лідараў па даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі, а беларускія спецыялісты паспяхова праводзяць найскладанейшыя аперацыі. Акрамя таго, расце колькасць замежных пацыентаў, якія выбіраюць Беларусь для лячэння, што служыць прамым пацвярджэннем даверу да сістэмы аховы здароўя.
– У медыцыне, можна сказаць, кожны дзень, кожную хвіліну адбываецца сапраўдная рэвалюцыя, – працягнуў ён. – Заўсёды з’яўляецца нешта новае: інавацыйныя распрацоўкі, метады дыягностыкі і лячэння, сучасныя інструменты і абсталяванне. Медыцына – гэта адна з самых дынамічных і цікавых сфер дзейнасці. Таму вы, як будучыя і цяперашнія ўрачы, знаходзіцеся ў пастаянным руху, бесперапынна вучыцеся і стаіце на парозе вялікіх адкрыццяў.


У рамках рабочага візіту дэлегацыя наведала Гродзенскую ўніверсітэцкую клініку і сімуляцыйна‑атэстацыйны цэнтр ГрДМУ, дзе для гасцей правялі экскурсію, паказалі перадавыя трэнажоры і манекены, а таксама сімуляцыйнае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў навучанні.
.jpg)
.jpg)
Падрыхтаваў аддзел па сувязях з грамадскасцю
Фота: Таццяна Вялёнда
Гродзенскі